Каб стварыць умовы для паглыблення і абагульнення ведаў аб народных традыцыях сваёй Радзімы, развіць цікавасьць да абрадаў, звычаяў народа, да нацыянальнай культуры, 28 снежня ў аддзяленні адбылося мерапрыемства фальклорнай накіраванасці “Запрашаем на вячоркі”.
З даўніх часоў беларускі народ славіўся сваёй працавітасцю, весялосцю і сяброўствам. Пасля цяжкага працоўнага дня людзі збіраліся на вячоркі, дзе яны весяліліся ад усёй душы, займаліся патрэбнай справай і з карысцю бавілі час.
Пажылыя грамадзяне, якія наведваюць аддзяленне, таксама вырашылі з карысцю правесці час доўгім зімовым вечарам, тым больш, што многія з іх у дзяцінстве былі на сапраўдных вячорках і памятаюць як гэта адбывалася. Дзімітрый Аусейчык распавёў, што ў іх на вячоркі не пускалі жанчын з калаўротамі, так як яны займалі шмат месца, і жадаючыя прасці прыходзілі на вячоркі з ручным верацёнам. Мужчыны таксама не сядзелі склаўшы рукі, яны рамантавалі хатняе начынне і выразалі з дрэва.
Вядучыя мерапрыемства –гаспадыня Людміла Пенталь і гаспадар-Міхаіл Аўхіменя, запрашалі прысутных разам праспяваць народныя песні, станцаваць самыя даўнія танцы і паўдзельнічаць у народных гульнях.
Для надання мерапрыемству большага каларыту, майстрыхі гуртка рукадзелля арганізавалі перадкалядны стол з нішчымнымі стравамі (марынаваныя грыбы, квашаная капуста, салёныя гуркі, куцця, хлеб хатняга гатунку). Па традыцыі стол быў накрыты абрусам, а пад абрус сімвалічна пакладзена трошкі сена.
Пажылыя людзі адказна і з энтузіязмам падышлі да арганізацыі такога мерапрыемства. І яно атрымалася па-хатняму душэўна. Людзі прыемна размаўлялі, спявалі песні на беларускай, польскай і ўкраінскай мовах, танцавалі “Падэграс” і “Кракавяк”, распавядалі цікавыя гісторыі, дзяліліся ўспамінамі.
І кожны быў ганарлівы за багатую культурную спадчыну сваёй краіны.